Адам Глобус
ДЗЕД
Словы пра дзеда майго Уладзiмiра
Аддаленасць
Углядаюся ў мінулае. Яно расплываецца як акварэль на вільготнай паперы. Вобраз дзеда зусім далёкі, як сон; нібыта ён – мой дзед Валодзя і не меў той вызначальнай ролі ў маім станаўленні, якую ён меў. Заўсёды, калі жыццё пераломлівалася, страчвала каштоўнасць, а жах і няпэўнасць авалодвалі маёй душой, згадваўся дзед, ягонае простае сялянскае жыццё. Я казаў сабе, калі твае творчыя і палітычныя ілюзіі рассыплюцца, калі грошы скончацца, калі сябры знікнуць, ты вернешся ў вёску Варакомшчына і будзеш пасвіць каровы, і ў полі пад вялікім небам пісацьмуць вершы. Менавіта вобраз дзеда Валодзі доўгі час даваў мне кропку апірышча. Зямля, поле, дарога, хата, карова, калодзеж, рэчка, лес. Усё гэта – аснова, усё непарыўна было звязана з дзедам. Цяпер не так. Ён – успамін. Мне цяжка пачуць ягоны голас. Даводзіцца доўга напружана настройвацца, каб усё ж пачуць яго слова, слова сказанае голасам дзеда Валодзі. Яшчэ я чую яго. Яшчэ ўсё чую
Акварэль
На Неўскім праспекце мама купіла мне акварэльныя фарбы. Яны называліся “Ленінградскія”. Набылася вялікая каробка і яшчэ з дзясятак колераў, што прадаваліся ў маленькіх ванначках ўроссып. Усю дарогу дадому, у Менск, я думаў пра акварэльныя малюнкі. Колькі розных сюжэтаў і кампазіцый праз’яўлялася ў маіх марах
Безліч. Эрмітаж мяне ўразіў. А найбольш здзівіў Шардэн. “На дзюбцы пэндзля ў яго не фарба, а само жыццё”, — перад нацюрмортам Шардэна сказала маміна сяброўка Кіра, мастацтвазнаўца з Эрмітажу. “Само жыццё
” Найлепшымі фарбамі я мусіў намаляваць “жыццё”. Пасля Зімняга палацу, Ісакьеўскага сабору, вуліцы Растрэлі, сфінксаў каля акадэміі мастацтваў, бронзавых коннікаў, я намаляваў свайго дзеда Валодзю на ровары. Намаляваў вялікае, крытае саломаю гумно і высозныя срабрыста-крохкія таполі пад рэдзенька-шарым небам. Дзед быў у кепцы і клятчастай сіне-белай кашулі. Акварэль рабілася доўга і старана, але раcчаравала мяне так, што была падраная на дробныя шматкі і выкінутая ў смеццеправод.
Вы
Тата з братамі звярталіся да майго дзеда толькі на “Вы”. Баба казала пра яго “наш бацька”. Слова “бацька” нейкім чынам засталося ў нашай ся’і за дзедам Уладзімірам. Бо да свайго бацькі мы казалі “тата”, а мама гаварыла “Чэсь”, “мой Чэсь”, мае дзеці звярталіся па-сталічнаму “Вячаслаў Уладзіміравіч
” Мне вельмі падабалася да дзеда з бабай звяртацца “на Вы”. Наогул, “ты” не далюбліваю, нейкае яно не зусім нашае. Нібыта ўсе свае, нібыта блізкія, сяброўскія, таварыскія, а насамрэч “Вы” да свайго дзеда, правільна, а калі так, то яно і вернецца.
Хада
Адметнасць хады дзеда Уладзіміра я заўважыў на фотаздымку, які зрабіў тата ў Маскве. Па Чырвонай плошчы крочыў мой брат Мірык. Вастраносыя чаравікі, джынсы, усмешка, сабор Васіля Бажаволка. І раптам, я згадаў здымак дзеда. Боты, клячастая кашуля, кепка, гумно крытае саломай
Агульнае, падобнае? Хада. Унук і дзед аднолькава рухаюцца, аднолькава выкідаюць нагу наперад і насок ідзе крышку ў знешні бок. Такое ўражанне, што па Чырвонай плошчы ідзе малады дзед Валодзя, а па вясковаму падворку крочыць стары Міраслаў. І тата і я мелі той жа самы крок, тую самую хаду. У мяне кепскі зрок, таму каб пазнаць чалавека, я запамінаю паставу, хаду, рух паставы. Для мяне вельмі важна, як чалавек ідзе, таму я лёгка пазнаю знаёмага ў натоўпе. Зрэшты, што ёсць жыццё? Чалавек выйшаў з дому і вярнуўся дамоў. Дзіўна другое што дзед і унук ідуць з дома дамоў аднолькавай хадою.
10 сантыметраў
Тата быў вышэйшы за бацьку на 10 сантыметраў. Для таты чамусьці было важна, што ён вышэйшы. У дзяцінстве тата казаў мне: “Я вышэйшы за твайго дзеда, ты павінен вырасці вышэйшым за мяне, калі дзед мае 163, я – 173, ды ты мусіш мець 183 сантыметры росту
” З разваг пра рост толькі пачынаўся пералік маіх будучых абавязкаў. Бо я мушу быць багацейшы за тату ў столькі разоў, у колькі ён багацейшы за дзеда. Мушу займець большую папулярнасць і стаць на больш высокую прыступку ў сацыяльнай іерархіі грамадства
У выніку я зразумеў, што задачы невыканальныя, што занятак майго дзеда — праца на зямлі, культывацыя глебы, не менш значны за дыпламатычныя пасады і кіраўнічыя рэгаліі. Можа з-за гэтага разумення мой рост толькі 180, а жаданне ўпісвацца ў жорсткія структуры дзяржаўнага кіраўніцтва мізэрныя. Часам мне падаецца, што каштоўнасці дзеда: зямля, дождж, бараны, дом, сад, гарод, малако; больш вартасныя за каштоўнасці бацькі: мова, Радзіма, Беларусь, кнігі, літаратура
Пераўзысці, пераўзыходзіць дзеда і бацьку я не збіраўся і не збіраюся. Для мяне ўсё ж найбольш каштоўнымі з’яўляецца іншае: не сама карова, а пасвенне каровы, не напісаны раман, верш, твор, а магчымасць пісаць. І яшчэ пра рост
Калі я цэлы дзень прабасцяюся па Барселоне, ды рост мой рабіцца 176 сантыметраў. Правяраў і не адзін раз.
Кепка
Дзед любіў кепку. Ад маразоў да маразоў ён хадзіў у светлай у шары ранцік кепцы з вялікім брылём. У хаце быў убіты ў сцяну спецыяльны цвік адмыслова для дзедавай кепкі. Тата як і дзед усё жыццё прахадзіў у кепцы, а мне ўсё карціць мяняць уборы: то я ў берэце, то ў капялюшы, то ў скураной кепачцы, то ў палатнянай, то ў вязанай шапцы. Няма ў мяне пастаянства, наогул не ўспрымаю галаўныя ўборы яе свае, мне і валасы чым карацей падстрыжаныя, тым лепш пачуваюся. Толькі мне заўсёды хацелася мець у сваёй хаце ўбіты ў сцяну адмыслова мой цвік для маёй кепкі. Пайду і ўваб’ю.
Чытанне
Наш дзед Валодзя пачаў чытаць толькі ў 70 гадоў. Усё жыццё цяжкая праца на зямлі і на чыгуначнай станцыі грузчыкам. Калі бальшавікі забралі зямлю, а за імі немцы спалілі хату, выбіраючы паміж калгасам і станцыяй, дзед выбраў чыгунку, бо яна ўсім уладам і рэжымам патрэбная. Работа на станцыі вызваляла ад войска, дзед нікому ніколі на даваў прысягі, ён адпрацаваў за траіх, а мо і за дзесяцярых, мужыкоў са зброяю. Жыццё дзеда Уладзіміра цалкам стваральнае. І толькі ў 70 яго з грузчыкаў перавялі ў вартаўнікі. Вартуючы макулатуру дзед панапрыносіў у хату старых падручнікаў па літаратуры і стаў чытаць, чытаў выключна прозу і абураўся на непраўдзівасць, ілжывасць напісанага пра вайну, пра вёску, пра Беларусь. Дзядзька Сава спрабаваў яго пераконваць у патрэбнасці фантазіі і мастацкасці, на што дзед сувора адказваў, што выдуманае і звершаванае ў малітоўніках для жанчын, а мужчынскае мусібыць пераканаўчае і праўдзівае.
Манеты
У дзедавай хаце была стопка, дзе стаялі кубельцы з салам, бочкі з зернем, віселі мяхі з крупамі. Там панавала заўсёдная прахалода, і ў найспякотныя дні я спаў у стопцы. Яшчэ тамака стаяла скрынка з цвікамі, дзе паміж згаданых цвікоў пракідаліся і манеткі зніклых дзяржаў: капейкі расейскай імперыі з двухгаловым арлом, злотыя часоў Пілсудскага, пфенінгі з Трэцяга рэйху, састарэлыя медзякі СССР. Дзед трымаў манеты з цвікамі, каб, прыбіваючы якую бляху ці толь, рабіць шырэйшую шляпку ў цвіка. Я быў выпрасіў у дзеда тыя манеты, а потым, сам не ведаю чаму, ссыпаў назад у цвікі, і не шкадую.
Баран
“Бэра-Бэра-Бэра-Бэра
” — мы, я і дзед, так клікалі свайго барана, выманьваючы яго са статку, што вяртаўся з поля, кавалкамі чорнага хлеба. Бэра бег да нас, выводзячы за сабою і чацьвёра авечак. Хлеб баран любіў. Еў са смакам. Пакарміўшы, можна і пакатацца на баране. Дзед падсаджваў мяне чатырохгадовага на шырокую цёплую спіну. Я браўся за гладкі рог, дзед, трымаючы за другі рог, абводзіў барана вакол падворка. Авечкі чакалі каля гумна, побач з кароваю Зоркаю, што піла ваду з вядра. Мае дзеці не каталіся на баранах, толькі на конях і толькі на спартовых.
Дратаванне
Ёсць у свінні звычка рыць зямлю. Каб яна не рыла ў гумне, яе дратуюць. Дзед навучыў мяне дратаваць кабанчыкаў. Ён прывёз іх – яго і яе ў мяху. Купіў на нядзельным кірмашы ў мястэчку. Кабанчык быў белы, а свінка рабая, у чорныя плямы. Дзед адшчыкнуў два кавалкі меднага дроту, завастрыў іх на наждаку і папрасіў мяне патрымаць кабанчыкаў. Я моцна прыціснуў свіную галаву да зямлі, а дзед спрытна прабіў дротам лыч і закруціў яго, пакінуўшы вялікую пятлю, каб, калі кабан вырасце, пятля не разадрала лыч і не выпала. Каб дратаванне рабілася зараз, а не трыццаць пяць гадоў назад, я б сказаў: “Мы зрабілі свінні пірснг”, а так даводзіцца гаварыць “дратаванне”. Зрэшты, слоўца “дратаванне” можна ўжываць замест “пірсінг”. Дзіўным было тое, што падчас пірсінгу кабанчык нацурыў, а свінка абрабілася. Добра, што дзед папярэдзіў мяне, і я не ўфэндаўся.
Мяхі
Капаю з дзедам Уладзімірам пограб. Сонца. Спёка. Пот у вочы цячэ. Дзед махае рыдлёўкай уровень са мною і яшчэ распавядае пра тое, як працаваў грузчыкам на чыгунцы
“Усе думаюць, што грузчык мусібыць вялікім. Не абавязкова. Грузчык можа быць і малы. Галоўнае каб спрыт меўся. Каб ведаў: як закінуць мех на плечы, як несці, як скінуць. Можаш быць вялікім, як гара, а няправільна падымеш і парвешся
” Пасля абеду я адмаўляюся капаць пограб, дзед дакопвае без мяне. Мусіць і рыдлёўку, як тые мяхі, трэба ведаць як браць.
Вера
Наколькі рэлігійная была баба Броня, настолькі абыякавы да ўсяго хрысціянскага ставіўся дзед Валодзя. З усіх царкоўна-касцёльных абрадаў ён шанаваў выключна святы, бо як сапраўдны беларус святкаваў як праваслаўныя так і каталіцкія, жончыны. Слова Бог ад дзеда Уладзіміра я ні разу не пачуў. Ці то мала гаварыў з ім, ці то слухаў не ўважліва
Хоць не, слухаў я дзеда ўважліва, бо ставіўся да яго з вялікай павагаю.
Хата
Калі памёр дзед Уладзімер, і мы — старэйшыя мужчыны засталіся ў хаце пасля жалобнай вячэры, каб вырашыць лёс маёмасці, упершыню я адчуў як пасунуўся час, як з маладога чалавека я пераўтварыўся ў мужчыну, чыё слова мае вартасць, важкасць, кошт. Тры дзедавы сыны: Чэсь, Сава, Ян і старэйшы ўнук завялі гаворку, што каму пяройдзе. З-за стомы і гарэлкі гутарка пайшла ў крывы бок. Тата, як старэйшы, хацеў каб яго слова было галоўнае. Сава, які пражыў усё жыццё побач з бацькамі, адно ўсьміхаўся, бо ведаў вынік той гаворкі наперад. Дзядзька Ян, абапіраючыся на аўтарытэт таты і меркаванне аднавяскоўцаў, меў намер прадаць хату. Я, чамусьці, падтрымаў Саву. Ён адзіны, хто жыў на нашае зямлі, хто дапамагаў дзеду штодня, хто заслужыў тую невялікую спадчыну. Тата з Янам зазлавалі на мяне, але выйшла ўсё адно на Сававу карысць, бо ні я ні Ян ні тата як з’ехалі пасля пахавання так больш ні разу ў дзедаву хату і не зайшлі, а дзядзька Сава кожнае лета жыве ў ёй. Перабіраецца са свайго мястэчка Наваельня ў нашую вёску Варакомшчыну, бульбу садзіць, сад даглядае. Ні таты ні Яна ўжо няма, але я не паспеў пераканаць іх у правільнасці сваіх словаў сказаных на карысць Савы, бо дзедава хата для іх была хутчэй сімвалам веры чым рэальнай будынінай з бярвенняў. З такімі стратамі нельга змірыцца, як са смерцю бацькоў.
14-20.08.2002